РЭЎВАЕНСАВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ (РВСР),

Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР), калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНК СССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас. гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.

Старшыні: Л.​Д.​Троцкі (6.11.1918—26.1.1925), М В Фрунзе (26.1.1925—31.10.1925), К.​Я.​Варашылаў (6.11.1925—20.6.1934).

С.​А.​Фамін.

т. 14, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)